Відэападарожжа “Горад Боны і Давыда”

05.02.2024

Згодна плану мерапрыемстваў па правядзенню месяца адукацыйнага турызму вучні 10 класа разам з класным кіраўніком адправіліся ў падарожжа па старонках кнігі Леаніда Дранько-Майсюка “Горад Боны і Давыда”. Вучні з вялікім захапленнем слухалі і прымалі ўдзел у гутарцы аб родным Давыд-Гарадку. Першым і найбольш цікавым пунктам падарожжа для вучняў атрымаўся раздзел кнігі “Давыд Ігаравіч, Бона Сфорца…”.

Гэта гістарычны раздзел, у якім расказваецца пра дачыненні Давыда Ігаравіча і Боны Сфорца да станаўлення Давыд-Гарадка. Горад наш даволі старажытны. Больш за дзевяцьсот гадоў існуе ён на гэтай зямлі. Гісторыкі і навукоўцы даказваюць, што за доўгія стагоддзі Давыд-Гарадок шмат пабачыў і перажыў.

Заснавальнікам горада, на думку гісторыкаў, з’яўляецца ці адзін з тураўскіх князёў, які пасля хрышчэння стаў называцца Давыдам, ці валынскі ўладар Давыд Ігаравіч…

У сваёй кнізе “Горад Боны і Давыда” Леанід Дранько-Майсюк пісаў:

“Трэба думаць, сапраўды паселішча заснаванае невядомым тураўскім князем (невыпадкова ж так пашырана ў Гарадку прозвішча Туравец) і гэтае паселішча заставалася безыменным да той часіны, пакуль не апынуўся ў ім бунтоўны і няўрымслівы ўнук Яраслава Мудрага Давыд Ігаравіч.

Атрымаўшы ў 1100 годзе Пагарынне, вечна вандроўны Давыд паспрабаваў зрабіцца аселым гаспадаром – ХІІ стагоддзе якраз жа і было эпохай аселасці князёў у самастойных удзелах”.

Аднак яго імя ў якасці тапоніма адразу не прыжылося, і яшчэ доўга гарадок называўся проста Гарадком.

Цікавячыся гісторыяй горада, вывучаючы кнігі і дакументы, імкнучыся, як і многія гарадчукі, разабрацца ў паходжанні назвы, Леанід Васільевіч пісаў: “Два Давыды з розных стагоддзяў, як дзве прарочыя зоркі сышлісяў маленькай геаграфічнай прасторы, -- і для ўсіх і кожнага, нібыта ў адно імгненне, Гарадок стаў Давыдавым.

Імя спакойнага, памяркоўнага князя абудзіла ў памяці гарадчукоў імя князя непамяркоўнага, душа якога, мяркуюць гісторыкі, ніколі не мела спакою…” Так, за шматгадовую гісторыю “месца мела шмат гаспадароў, і кожны з іх пакінуў свой бачны і пакуль нябачны след…”

Да 900-гадовага юбілею ў Гарадку архітэктар Л.Левін спраектаваў пляц Давыда, скульптар А.Дранец узвёў на гэтым пляцы помнік Давыду

“Давыд Ігаравіч заслужыў на такое шчодрае ўшанаванне, бо ён усё ж самы адметны гарадзецкі ўладар, як, дарэчы, і Бона Сфорца. Давыд упрыгожыў места сваім імем, а італьянская арыстакратка пакінула пра сябе добрую памяць.  Невыпадкова ж тая гара, з якой пачалося паселішча і над якой узвышаўся замак, завецца не толькі Замкавай і не толькі Царкоўнай, а  яшчэ і гарой каралевы Боны.”

…Гарадком паступова (у дакументах сказана: у 1523 годзе) заўладала Бона…

А каралева Бона Сфорца з асаблівай чуласцю ставілася да Гарадка, бо неаднойчы спрыяла ягоным жыхарам. Дапускаюць, што Бона спрыяла Гарадку і ў атрыманні граматы на Магдэбургскае (нямецкае) права. Па сваёй сутнасці Гарадок адпавядаў магдэбургскаму законапалажэнню. Нямецкае права дзейнічала, калі не цалкам, то, пэўна, часткова, бо ў мястэчку існавала рада, пра што сведчыць і назва адной з вуліцаў – Радзічы (вуліца захавалася); быў свoй суд, а ўлада належала выбарнаму войту – войты ж, як вядома, узначальвалі магдэбургскія абшчыны.

Дарэчы, сляды войтаўства ў Гарадку таксама захаваліся – ёсць мясціна, якая так і называецца Вайтаўшчына.

У канцы падарожжа вучні выказалі жаданне працягнуць падарожжа і па іншых раздзелах кнігі. Адзін з вучняў сказаў: “Без мінулага няма будучыні. Таму гісторыю свайго народа, сваей Радзімы патрэбна ведаць”.

поделиться в: