Школьная символика

ЭМБЛЕМА 

Сярэдняя школа № 1 горада Давыд-Гарадка мае даўнія і вельмі трывалыя традыцыі. Яна заўсёды давала сваім выхаванцам глыбокія і трывалыя веды, яе выпускнікі паступалі ў самыя розныя, даволі прэстыжныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. З былых яе вучняў выходзілі вядомыя вучоныя і пісьменнікі, настаўнікі і ўрачы, цудоўныя спецыялісты для ўсіх галін эканомікі і проста вельмі добрыя людзі.

На школьнай эмблеме знаходзяцца як чыста геральдычныя элементы, так і некаторыя атрыбуты адукацыі і выхавання. Да геральдычных элементаў можна аднесці ўзыходзячае сонца і шчыт прамавугольнай формы, на якім зроблены надпіс. Школьнае жыццё своеасабліва сімвалізуюць разгорнутая кніга і сам будынак школы.

Галоўнаю часткаю эмблемы з’яўляецца разгорнутая кніга, якая сімвалізуе крыніцу ведаў і паўстае асноваю ўсялякага пазнання, інструментам набыцця ведаў і перадачы вопыту ўсяго чалавецтва. Разгорнутая кніга азначае, што школа, як і ўся наша адукацыя, з’яўляецца адкрытаю для кожнага чалавека і выступае бясконцаю крыніцаю ведаў, сімвалізуе бясконцасць і няспыннасць працэсу набыцця ведаў і чалавечага самаўдасканалення. Кніга на эмблеме таксама напамінае кожнаму чалавеку яго самую першую дзіцячую кніжку, яго самыя першыя крокі школьнага жыцця, напамінае буквар і іншыя падручнікі, якія з’яўляюцца вернымі і надзейнымі памочнікамі і дарадцамі кожнага вучня, яго найлепшымі сябрамі.

На фоне разгорнутай кнігі паказаны будынак школы. Гэта надае эмблеме сваю адметнасць, абазначае прывязанасць малюнка да пэўнага аб’екта і вылучае яго з іншых аб’ектаў адукацыі. Будынак школы сведчыць пра вялікія, слаўныя і моцныя традыцыі, якія пакінулі сваім наступнікам усе папярэднія пакаленні вучняў. Сведчыць пра неабходнасць памнажэння лепшых здабыткаў бацькоў і дзядоў. Ён таксама адмыслова гаворыць усім вучням, што неабходна шанаваць і любіць сваю школу, імкнуцца зрабіць яе прыгажэйшай, што патрэбна ўсяляк берагчы ўсю школьную маёмасць.

Школьныя вокны паказаны схематычна, яны маюць блакітны колер і глядзяць на вучняў, нібы пяшчотныя вочы маці. Яны ўвасабляюць цесную повязь школы з усімі яе гадаванцамі і напамінаюць пра сыноўскі абавязак усіх вучняў у адносінах да сваёй школы і да сваёй маці. Вокны заклікаюць усіх ніколі не забываць пра сваю родную школу, наведваць яе і быць ёй удзячным на працягу ўсяго жыцця.

Унізе змешчана назва горада. Яна абавязвае ўсіх вучняў ведаць пра сваё паходжанне, ведаць гісторыю свайго горада і свайго роду, адчуваць непарыўную сувязь з роднаю зямлёю. А гэта патрабуе ад кожнага чалавека быць патрыётам нашай Радзімы, нашай зямлі і свайго горада. Патрабуе таксама добрага ведання традыцый і звычаяў беларускага народа, яго багатай шматвяковай гісторыі, неацэннай культурнай спадчыны. Змешчаны ўнізе надпіс сведчыць, што сям’я, горад і Радзіма з’яўляюцца нашым фундаментам і нязменным духоўным апірышчам кожнага вучня і кожнага чалавека ўвогуле. З гэтага фундамента і вырасла школа і сама адукацыя.

Блакітны колер на эмблеме сімвалізуе прыгажосць беларускай зямлі, нязменнае хараство Палесся з яго цудоўнымі краявідамі. Гэта колер паўнаводных рэк, хвалі якіх спрадвеку плешчуцца аб берагі ў ваколіцах Давыд-Гарадка, колер вялікіх і маленечкіх азёраў, якіх так многа на абшарах Пагарыння. Блакітны колер – гэта колер лагоднага мірнага неба над усімі людзьмі, колер чалавечага спадзявання, якое з’яўляецца вечным людскім спадарожнікам.

Над разгорнутаю кнігаю змешчана ўзыходзячае сонца, у залацістых праменнях якога зроблены надпіс, які засведчыў агульнаўжывальную назву статуса школы. Ніжэй, на сонечным дыску, пазначаны нумар школы. Узыходзячае сонца над кнігаю – гэта сімвал святла і асветы. Менавіта святло і асвета выпраменьваюцца кнігай і школаю. Менавіта ад школы, нібы ад сонца, разыходзяцца па ўсім свеце праменні ведаў і асветы. Вучні за час навучання павінны глыбока засвоіць усе прадметы і мець трывалыя веды. Сонца таксама з’яўляецца сімвалам светлай будучыні і вялікай перспектывы выхаванцаў школы.

ФЛАГ

У адпаведнасці з заканамернасцямі сувязі сцяга з гербом Сцяг сярэдняй школы № 1 горада Давыд-Гарадка ў колеравых адносінах адпавядае эмблеме школы. Колеры школьнай эмблемы, блакітны, сіні і залаты, складаюць аснову каларыстыкі школьнага Сцяга. Яны пэўным чынам суадносяцца з колерамі Сцяга горада Давыд-Гарадка.

 

 

Сцяг сярэдняй школы № 1 горада Давыд-Гарадка ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча з суадносінамі шырыні да даўжыні як 1 да 2. Унізе левай часткі, якая прымацоўваецца да дрэўка, знаходзіцца прамавугольны трохвугольнік сіняга колеру з блакітным паўкругам, які прымыкае сваім дыяметрам да гіпатэнузы трохвугольніка. Меншы катэт трохвугольніка прымыкае да дрэўка. Вышыня меншага катэта складае дзве трэці ад шырыні Сцяга. Даўжыня большага катэта складае тры чвэрці ад даўжыні Сцяга. Астатняя частка Сцяга мае блакітны колер. На мяжы блакітнага і сіняга колераў змешчаны круглы сонечны дыск, дыяметр якога складае адну пятую частку ад даўжыні Сцяга. Дыск дзеліцца гіпатэнузай трохвугольніка на дзве роўныя часткі, афарбаваныя адпаведна ў блакітны колер на сінім і ў сіні на блакітным фоне. Ад верхняга сонечнага паўкруга па ўсіх напрамках на блакітным фоне раўнамерна разыходзяцца дванаццаць залатых сонечных праменяў. Прамені з аддаленнем ад сонечнага дыска становяцца шырэйшымі і дасягаюць да самага краю Сцяга.

Сіні колер на школьным Сцягу сімвалізуе сабою нашу палескую зямлю з яе шматлікімі рэкамі і азёрамі. Ён адначасова сімвалізуе багацце фарбаў і кветак беларускай зямлі, паказвае, што беларуская зямля з’яўляецца моцным фундаментам і апірышчам кожнага чалавека, кожнага вучня, які займаецца ў сярэдняй школе № 1 горада Давыд-Гарадка. Гэты колер у нейкай ступені з’яўляецца колерам сінявокай Беларусі. Сіні колер уяўляе сабою цвёрдую аснову, на якой трымаецца школа.

Блакітны колер Сцяга – гэта колер мірнага неба над усімі людзьмі, колер спадзявання і светлых дзіцячых і юнацкіх мараў. Ён таксама сімвалізуе прыгажосць нашай зямлі, нязменнае хараство Палесся з яго непаўторнымі краявідамі. Гэта колер нашых паўнаводных рэк і азёраў.

Сонца на Сцягу сімвалізуе сабою не толькі само жыццё, яно па сутнасці з’яўляецца своеасаблівым абазначэннем школы, сімвалам асветы, святла, усякага чалавечага развіцця, сімвалам выхавання і людской дабрыні, сімвалам цеплыні чалавечых узаемаадносін. Сонца таксама з’яўляецца сімвалам светлай будучыні і вялікай перспектывы выхаванцаў школы. Сонечныя прамені паказваюць сабою сілу ўздзеяння школы на грамадства і яго будучыню, падкрэсліваюць усю важнасць школы ў сучасным жыцці. Прамені займаюць усю блакітную прастору і асвятляюць сваім святлом усё наваколле, паказваючы тым самым, што толькі школа зможа нараджаць і годна несці прыгажосць ва ўсім свеце.

Залаты колер сонечных праменяў сведчыць сабою, што школа выпраменьвае, выхоўвае, дае грамадству ўсё самае важнае і самае каштоўнае, яна заўсёды ўпрыгожвае навакольны свет.

 

 

ГІМН

Дзяржаўнай установы адукацыі

“Сярэдняя школа № 1 г. Давыд-Гарадка” 

 

Стаіць наша школа ля ціхай Гарыні

У горадзе слынным Давыд-Гарадку.

Нам весела, радасна ў школьнай краіне –

Мы славім яе ў сваім кожным радку.

 

Мы любім цябе, наша родная школа!

Жыві, маладзей і красуй на зямлі.

Мы знойдзем разгадак бясконцае кола,

Каб людзі навукі наперад ішлі.

 

Мы пішам, чытаем, жыццё спасцігаем –

Стагоддзі і эры нам мудрасць нясуць.

Вандруем па морах, у космасе сягаем –

Сусвет нам цікава пабачыць, пачуць.

 

Мы славім цябе, наша родная школа!

Жыві, маладзей і красуй на зямлі.

Мы знойдзем разгадак бясконцае кола,

Каб нашай зямлі мы на славу раслі.

 

Тэкст: Ю.В. Вабішчэвіча    

Музыка: А.В. Аляксандрава    

 

поделиться в: