ВІКТАР ВАБІШЧЭВІЧ
Вандроўка па старонках майго жыцця
Паэзія – дзівосная і чароўная краіна, падобная на тыя, якія звычайна мы сустракаем толькі ў казках. Яна жыве сваім жыццём, у ёй свае каштоўнасці і таямніцы, свае колеры і фарбы, адметныя дні і мроі. У гэтай краіне ты адчуваеш сябе іначай, жывеш нейкім уласцівым толькі ёй жыццём, поўным узвышанага, прыгожага і летуценнага. У гэтай краіне ў цябе міжволі вырастаюць крылы, ты можаш вандраваць не толькі па нашай зямлі і не толькі на іншыя планеты, але і зусім у іншы свет, вандраваць у іншых вымярэннях. Такія законы гэтай казачнай і непаўторнай краіны. У краіну паэзіі можа трапіць кожны, трапіць хоць на нейкі невялікі час. Але ёсць людзі, якія надзвычай лёгка заварожваюцца чарамі паэзіі, надзвычай лёгка і з незвычайнай сілаю ўдыхаюць яе прываблівы і жыццядайны водар. Такія людзі застаюцца ў краіне паэзіі назаўсёды. А трапляе ў гэтую краіну кожны па-свойму, кожны сваім шляхам. Адным з такіх шляхоў давялося прайсці і мне.
Нарадзіўся я ў самым пяшчотным месяцы, 9 ліпеня 1960 года ў вялікай і слыннай вёсцы Рубель на Століншчыне, у самым цэнтры Палесся. Норавы і звычкі гэтай вёскі, характар яе няхітрага жыцця, яе краявіды, безумоўна, адбіліся неяк на маёй натуры, хаця я па сутнасці і з’яўляюся самым нехарактэрным рубельцам.
Бацька мой усё сваё жыццё працаваў у калгасе, на трактары. Быў чалавекам вельмі начытаным, але ва ўмовах пасляваеннага сіроцкага жыцця не змог атрымаць належнай адукацыі, пра што заўсёды шкадаваў. Мне цяжка сказаць, якую мастацкую кніжку не прачытаў мой бацька. У часы дзяцінства і за ўсе школьныя гады я не сустракаў такой кнігі. Ён ведаў безліч розных сюжэтаў і мог лёгка іх пераказваць.
Мая маці, Надзея Аляксееўна (да замужжа Дзярачыц), таксама працавала ў калгасе. У свой час у школе яна вучылася вельмі добра, але скончыла ўсяго чатыры класы. Далей трэба было ісці ў школу ў Рубель, а гэта досыць далёка ад Бераставога, дзе тады жыла мама. Мая маці вельмі любіць успамінаць гады свайго маленства, даўнейшае жыццё ў яе роднай вёсцы Хотамель, часта згадвае ваеннае ліхалецце. З ранняга дзяцінства памятаюцца мне тыя маміны расказы доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі. Мабыць, тыя расказы і нарадзілі яшчэ тады ў маёй душы любоў да гісторыі і да літаратуры.
У нашай сям’і заўсёды панаваў культ кнігі. Маці чытала нам казкі, расказвала на памяць вершы Купалы і Коласа, іншых беларускіх паэтаў. Асабліва шанаваў кнігу бацька і гэтую сваю любоў да кнігі прышчапіў нам, дзецям. Чацвёра з пецярых дзяцей нашае сям’і звязалі свой лёс з беларускай мовай і літаратураю, тры мае сястры выкладаюць зараз у школах родную мову і літаратуру. У школе ўсе мы вучыліся вельмі добра. Асноваю выхавання ў нашай сям’і была кніга, і прыкладам для нас служылі станоўчыя героі лепшых кніг. Бацька і маці заўсёды лічылі, што самае галоўнае навучыць дзяцей любіць кнігу, любіць чытанне, а на гэтым падмурку абавязкова ўзвысіцца, нават сама па сабе, і добрая вучоба ў школе.
Чытаць я навучыўся ў раннім дзяцінстве, недзе гады ў чатыры. Праз некаторы час амаль самастойна навучыўся чытаць і лацінкаю – яшчэ да школы чытаў па-французску. Праўда, як потым высветлілася, французскія словы я чытаў і запамінаў абсалютна няправільна. Тым не менш гэта мне ў далейшым вельмі дапамагло: калі ў пятым класе мы пачалі вывучаць французскую мову, мне было лёгка пісаць на ёй, бо напісанне велізарнай колькасці слоў помнілася з дзяцінства.
У школу я пайшоў неахвотна і напачатку не дужа хацеў вучыцца, бо не бачыў тады аніякага сэнсу ў вучобе. У маім тагачасным разуменні ўсё навучанне зводзілася да ўмення чытаць і пісаць. Па-сапраўднаму да ведаў пацягнуўся з другога класа і потым увесь час вучыўся толькі на “выдатна”, школу скончыў з залатым медалём.
З вялікай удзячнасцю ўспамінаю сваіх настаўнікаў. Асабліва моцна паўплывалі на мяне першая настаўніца, тады яшчэ зусім маладая, Кудзеліч Лідзія Уладзіміраўна і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вяшчыцкая Марыя Іосіпаўна.
У школьныя гады я пацягнуўся да вершаў, і гэта мае сваю гісторыю. Першыя вершаваныя радкі я рыфмаваў яшчэ ў дашкольным узросце. Гэта былі радкі не пра лавачніка, кім я марыў тады стаць, і не пра трактарыста, кім хацелася мне працаваць яшчэ раней. Гэта былі нейкія пацешкі і кпіны з маіх аднагодкаў. Пазней я да вершаў звярнуўся ў чацвёртым класе, пры вывучэнні апавяданняў па гісторыі СССР. Быў тады такі прадмет у раскладзе. Жыццё людзей у далёкім мінулым мяне моцна ўразіла, мне хацелася расказаць пра яго ў вершах. Тады і напісаў некалькі маленькіх вершаваных апавяданняў. Асобныя радкі з іх і зараз застаюцца ў памяці. Адно з іх называлася “Певень і Мурашка”.
У той час я вельмі моцна, амаль фанатычна, палюбіў геаграфію, таму чытаў усе кнігі, якія расказвалі пра жыццё людзей у далёкіх краінах. Недзе гадоў у чатырнаццаць пачаў чытаць і розныя навуковыя працы па геаграфіі – марыў быць не проста настаўнікам, як гэта было раней, а вучоным-географам. І з гэтаю мараю жыў амаль што да самага паступлення ва універсітэт.
Ад геаграфіі нечакана я паступова прыйшоў да літаратуры, хаця, мабыць, гэта не было ніякай нечаканасцю. Ад далёкіх заморскіх краін і экзатычных калоніяў я прыйшоў да свае Беларусі і да беларушчыны, да ўсяго роднага. І штурхнуў на гэта мяне адзін выпадак.
Прыблізна ў класе шостым на ўрок пазакласнага чытання нам трэба было прачытаць аповесць Янкі Маўра “Сын вады”. Ва ўсім нашым Рублі тады была толькі адна такая кніга, і яе трэба было прачытаць вучням усіх чатырох велічэзных паралельных класаў. Нашаму класу адводзілася два дні. І мы, больш за сорак вучняў, прачыталі яе за той тэрмін! Збіраліся ў хаце, у двух пакоях, і на працягу двух вечароў прачыталі ўголас усю кнігу.
Тое калектыўнае чытанне назаўсёды запала мне ў душу. Аповесць расказвала пра жыццё людзей на далёкай Вогненнай Зямлі, якое ўяўляла сабою пастаяннае плаванне на невялікіх лёгкіх лодках. Зразумела, што аповесць мне моцна спадабалася, і пасля гэтага захацелася прачытаць іншыя творы Янкі Маўра. Пачалося сапраўднае паляванне на кнігі гэтага пісьменніка. Праз некаторы час я адчуў, што ў мяне міжволі нарадзілася новая цяга – цяга да беларускай літаратуры. З кожным днём яна станавілася ўсё больш адчувальнаю. Я пачаў не проста захапляцца літаратураю – пачаў пісаць вершы. Стыхія роднай беларускай літаратуры назаўсёды запаланіла мяне.
Я быў моцна ўсхваляваны трагічнымі падзеямі ў Чылі ў 1973 годзе, доўга думаў пра іх, перажываў. І як вынік гэтага – з’яўленне адпаведных вершаў. Адзін з іх “Песня Віктара Хара” ў 1977 годзе быў надрукаваны ў часопісе “Бярозка” і стаў маім першым творам, змешчаным у друку.
Развітваючыся з Рубельскай школай, я цвёрда быў перакананы, што ўсё сваё жыццё буду звязаны з беларускаю літаратурай, незалежна ад прафесіі і спецыяльнасці. Сама ж літаратура тады ўяўлялася мне нейкаю прыгожаю сакраментальнаю вяршыняй, да якое я не меў права дакрануцца. Таму і не мог пайсці вучыцца на філалагічны факультэт. Перада мною стаяла пакутлівае пытанне з якім факультэтам звязаць свой лёс. Я з дзяцінства марыў вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і наконт гэтага ніколі не вагаўся. Але па якой спецыяльнасці? Усё яшчэ любімая геаграфія была вельмі далёкаю ад святой для мяне літаратуры, таму выбар прыйшоўся на гісторыю.
Пераступаў парог гістфака БДУ я з цвёрдай перакананасцю, што ні ў якім разе не буду вучыцца выдатна. Быў стомлены ад выдатнай вучобы ў школе. Але, магчыма, іншыя абставіны зрабілі сваю справу – я захапіўся гісторыяй, літаратурай, тэатрам і цалкам аддаваўся свайму захапленню. Вынікам гэтага сталі адзнакі “выдатна” па ўсіх універсітэцкіх дысцыплінах і чырвоны дыплом. У студэнцкія гады заняўся даследаваннем пытанняў гісторыі Беларусі. Вучоба, праца ў чытальных залах дапаўняліся ў мяне ці не штодзённым наведваннем спектакляў Купалаўскага тэатра. Вершаў пісаў тады зусім мала, і ў далейшым гэта стала звычкаю.
Пасля універсітэта ў 1982 годзе вярнуўся на родную Століншчыну. Пяць гадоў працаваў у Арлоўскай сярэдняй школе, на кіраўнічых пасадах – арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы і дырэктарам школы. Праца гэтая не стварала ніякіх умоў для любімых творчых заняткаў, таму давялося з ёю развітацца. І вось ужо два дзесяткі гадоў працую ў давыд-гарадоцкай сярэдняй школе № 1, выкладаю гісторыю і айчынную і сусветную мастацкую культуру.
Жаданне займацца навукаю не знікла ў мяне да гэтага часу, таму і даследую гістарычныя погляды класікаў беларускай літаратуры. Вынікам гэтага сталі артыкулы пра Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Максіма Гарэцкага. У вясковых і местачковых умовах я старанна ахоўваю свой унутраны свет і сваё жыццё, у якім пануе яе вялікасць кніга, у якім пастаянна прысутнічае мінулае нашай Беларусі, райскаю мелодыяй гучыць родная беларуская мова, пышнай квеценню красуецца беларуская літаратура, свет, у якім ты пастаянна жывеш побач з мастацтвам, тэатрам, музыкай, свет, у якім на цябе глядзяць і прысутнічаюць поруч нашы нацыянальныя геніі, нашы вялікія папярэднікі. Мне ўтульна ў такім свеце.
А жыву я ў фантастычна прыгожай краіне, краіне, якая называецца Паэзіяй. Вершы – мой найпершы і самы любімы занятак. Яны нараджаюцца не так і часта, але якое салодкае і прыемнае іх нараджэнне. З’яўленне вершаў – своеасаблівы акт чароўнага дзейства, выкліканы ўнутранай настраёвасцю, які не паддаецца рацыяналістычнаму тлумачэнню.
Крыніцаю творчага натхнення для мяне, як зараз прынята гаварыць, музаю, з’яўляецца Прыгажосць ва ўсіх яе праявах. Гэта і прыгажосць мілых і непаўторных краявідаў, і прыгажосць нейкага моманту, і прыгажосць нашага цудоўнага зямнога жыцця, і прыгажосць мастацкіх вобразаў і чалавечых учынкаў, самога чалавека.
Люблю нашу прыроду, не толькі беларускія пейзажы, але і ўсе, якія мне даводзілася бачыць, з замілаваннем любуюся праявамі кожнай пары года, хоць самая любімая для мяне – лета. Люблю зіхатлівы сонечны дзень і панурую часіну дажджу, узыход сонца і яго адмысловы захад у воблаках і хмарах, снегапады і неўтаймоўныя веснавыя паводкі, птушыны шчэбет і мілагучную песню ручая.
Асабліва часта ўспамінаюцца паводкі на перапоўненых веснавых рэках – незвычайнае відовішча, якое мне даводзілася бачыць толькі на нашых палескіх паўнаводных рэках у дзяцінстве. Такога не ўбачыш больш нідзе ў Беларусі. Ды і на нашым Палессі рэкі зараз прыкметна здрабнелі і ім ніколі не дапяць да размаху крыгаходаў майго дзяцінства.
Шлях ад першага верша да першай кнігі ў мяне аказаўся вельмі доўгім. Зборнік вершаў “Чорны боль” выйшаў толькі ў 2003 годзе. У 2006 годзе была выдадзена мая паэтычная кніга “Кахаю і люблю”.
Сэнс майго жыцця – служэнне роднаму беларускаму слову, таму любоў да нашай беларускй мовы з’яўляецца маім пастаянным спадарожнікам. Уваходжу ў склад рэдакцыйнай Рады часопіса “Роднае слова”, з якім супрацоўнічаю з дня заснавання.
Няхай нас заўсёды радуе сакавітае і мілагучнае беларускае слова і натхняе на новыя здзяйсненні на карысць нашае Бацькаўшчыны.
8 жніўня 2007 г.
АНКЕТА
Вабішчэвіч Віктар Васілевіч
Дата нараджэння 9 ліпеня 1960 г.
Напішыце пра сваіх бацькоў, іх заняткі, якасці, узнагароды.
Я вельмі дрэнна ведаю свой радавод. Мабыць, гэта стала адною з неўсвядомленых прычын майго паступлення на гістарычны факультэт БДУ і маёй захопленасці гісторыяй. Чалавек заўжды прагне таго, чаго яму бракуе.
Бацька мой – Вабішчэвіч Васіль Віктаравіч, нарадзіўся ў 1934 г., рубелец. Некаторы час быў загадчыкам майстэрняў у калгасе, выкладаў у філіяле (і ўзначальваў яго) Пінскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча. Усё жыццё працаваў на трактары, нормы перавыконваў заўсёды, часам у некалькі разоў. Быў надзвычай прынцыповым, не любіў халуёў, хапугаў і тупіц. Быў калгасным актывістам, але прыкметных пасад ніколі не меў. Працы аддаваўся дашчэнту, меў узнагароды, але яны былі мізэрнымі ў параўнанні з тым, чаго заслугоўваў сваёю працаю. Не здымаў шапку перад начальствам. Фанатычна любіў кнігу і гэтую любоў прышчапіў сваім дзецям – чацвёра дзяцей сталі настаўнікамі-гуманітарыямі. Пасляваеннае сіроцкае дзяцінства не дало мажлівасці падацца вучыцца ў інстытут, але веды меў сапраўды універсітэцкія (за выключэннем моваў і матэматыкі). Цяжкая праца калгаснага трактарыста поўнасцю з’ела бацькава здароўе, гэта ўрэшце і прывяло да заўчаснай смерці ў 2003 г. Не ўмеў бацька шанаваць сябе, а калі зразумеў гэта, было ўжо занадта позна.
Мая маці – Вабішчэвіч (народжаная Дзярачыц) Надзея Аляксееўна. Нарадзілася ў 1936 г. у вёсцы Хотамель. Любоў маці – вёска Бераставое, якая стаяла побач з Рублём і Хотамлем і была потым насільна зліквідавана. Працавала маці ў калгасе. Выгадавала і выхавала пецярых дзяцей. У школе вучылася выдатна, але скончыла толькі чатыры класы, далей вучыцца не было магчымасці. Веды і асвету заўсёды цэніць вельмі высока. Поўная ўражанняў свайго маленства і дзявоцтва, мае добрую памяць і любіць шмат успамінаць і расказваць з мінулага. Тыя расказы я памятаю з самага дзяцінства. Можна гаварыць, што гісторыя і літаратура пульсуюць у маёй крыві.
Дзяды мае былі простымі працаўнікамі. Вабішчэвіч Віктар Рыгоравіч нарадзіўся ў 1911 г. Як і мой бацька, не ўмеў, мабыць, сябе берагчы, таму і злажыў галаву на вайне недзе далёка, ля мястэчка Броды каля горада Быдгашч, не дайшоўшы да Берліна. Загінуў дзед у самым пачатку 1945 г. Пасля сябе пакінуў пяць сыноў. Трое ўнукаў названы па дзеду Віктару. Дзярачыц Аляксей Іванавіч (1913 – 1984) таксама ваяваў на апошняй вайне, але ацалеў. Ён бачыў масавае народнае гора, але не дажыў да перыяду масавых узнагароджанняў. Дзед быў вельмі добрым грыбніком, выдатна рабіў печы і грубы, крыў стрэхі. У войску навучыўся пісаць па-польску – так да канца жыцця і пісаў толькі польскімі літарамі.
Жыццё маіх бабуль не было простым. Асабліва – у бабы Сені. Я назваў бы яе лёс драматычным. Вабішчэвіч (народжаная Кажаноўская) Ксеня Васілеўна (1905 – 1991) яшчэ ў дзяцінстве засталася круглаю сіратою. Спачатку памерла маці, потым бабуля страціла бацьку. Гадавалася ў сям’і брата, які быў нашмат старэйшым. Нарадзіла пецярых сыноў: Васіля, Рыгора, Івана, Піліпа, Пятра (памёр яшчэ немаўляткам). У вайну засталася ўдавою, дзяцей выгадавала адна. Бабуля мела надзвычай добрую памяць і вялікія здольнасці да вучобы. Вучылася ў школе толькі дзве зімы, але веды па гісторыі, геаграфіі і літаратуры мела такія, што пазайздросцілі б многія выпускнікі сучаснай абноўленай школы. Да апошніх гадоў жыцця многа чытала. Другая мая бабуля – Дзярачыц (народжаная Ашуркевіч) Варвара Андрэеўна (1917 (?) – 1990). Гадавалася ў шматдзетнай сям’і, дзе было дзесяць дзяцей. Іх трэба было неяк выгадаваць і давесці да ладу, таму бабулю маю яе маці ў школу не пусціла, хаця старэйшыя і маладзейшыя іх дзеці вучыліся. Бабуля Варвара ўсё жыццё заставалася непісьменнаю. Мабыць, таму вельмі высока цаніла грамату і адукацыю лічыла вялікім набыткам. Усё жыццё мела крыўду на сваю маці. Замуж пайшла за багатага, які моцна кахаў яе. Але, па словах бабулі, багацця таго ніколі не бачыла і шчасця і радасці ад яго не мела ніколі. Нарадзіла пяцера дзяцей: Надзею, Аляксандра, Паўла, Праскоўю (памерла зусім маленькаю), Марыю.
Каго яшчэ назваць з маіх продкаў? У дзеда Віктара бацькі зваліся Рыгор Іванавіч і Марфа Яўхімаўна, у бабы Сені – Васіль Раманавіч і Кацярына. У дзеда Аляксея бацька зваўся Іван Цітавіч, а маці – Аляксандра Антонаўна. Іх я добра ведаў і яшчэ зараз памятаю. Баба Лекса была вельмі добраю і сентыментальнаю, нас заўсёды сустракала словамі: “Ох мое дзетонькі!” Дзед Іван пражыў жыццё доўгае і цяжкае. Недзе яшчэ перад вайною яму прысніўся сон: стаялі чатыры дубы і бяроза, а потым тры дубы ўпалі, а адзін дуб і бяроза засталіся стаяць. Дзед раніцай так разгадаў перад сваёю жонкаю сон – не будзе сыноў. Гэтак яно і выйшла. Двух сыноў адабрала ў іх ненажэрная вайна, а адзін прастудзіўся і памёр. Міша недзе загінуў на вайне – прапаў без вестак, як прынята гаварыць. Ці хоць разам ляжаць яго костачкі? Ці не разнесла іх па зямлі? Дзед Іван і баба Лекса да апошняга ўздыху чакалі сыночка і верылі, што ён недзе ў свеце ёсць, жывы. Другі сын Тасько, як ласкава звала яго маці, памёр адразу пасля вайны ад ран і асколкаў. Шмат чаго давялося перажыць дзеду Івану. Да вайны ён быў вельмі багатым чалавекам, але потым усё страціў у выніку раскулачвання. Помніцца, усё гаварыў мне, што я вельмі рэдка, як ён казаў, ніколі, не заходжу да яго ў хату. Быў добрым гаспадаром. Гледзячы на запушчаную калгасную (лічы, сваю) зямлю, мог нават заплакаць. Маўляў, у мяне тут раней такое добрае жыта расло, а зараз на гэтым полі гібее ў пустазеллі нейкая чэзлая пшаніца. Да апошніх сваіх дзён трымаў карову. І памёр пасля таго, як яе здалі ў калгас на мяса, бо яна паламала нагу. Адразу апусціўся неяк, пастрашнеў – хто я зараз, не гаспадар. Хто ведае, магчыма, каб не той выпадак з кароваю, дзед Іван пражыў бы намнога больш. Мне прыкра і сорамна за тое што я, самы старэйшы праўнук, не быў на пахаванні дзеда Івана. У бабы Варвары бацька зваўся Андрэй, быў слынным садоўнікам і пчаляром. Імя бабулінай маці я не памятаю, хаця яно выбіта на помніку. На яе магіле, як і на магіле дзеда Андрэя, я быў шмат разоў. Відаць, таму і не трымаюцца ў галаве імёны, што іх можна прачытаць у любы час.
Самыя запамінальныя падзеі, асобы з майго дзяцінства, школьнае пары.
Поўна ўва мне ўражанняў з майго дзяцінства, многае помніцца з падзей. Цяжка выдзеліць нешта адно. Таксама як і назваць нейкага аднаго чалавека. Але ўсё ж паспрабую, з таго, што найчасцей згадваецца. Я вельмі любіў назіраць за крыгаходамі, яны ўсе і зараз перад маімі вачыма. З самага ранняга маленства памятаю, як даганяў маці, калі пайшла без мяне ў магазін. Бег з крыкам, нацягнуўшы трусы адною дзіркаю на дзве нагі. Згадваецца і яшчэ ранейшае. Як напорыста хацеў пабачыць сама ў калодзежы, бо тою, як тады здавалася страшэннаю, істотай палохалі мяне дарослыя, каб не падыходзіў блізка да студні. З школьнага перыяду зноў жа ўспамінаецца веснавое. Перад самай паводкай у школу ішоў па зусім крохкім нагрэтым сонцам лёдзе, а паўз берагі ўжо шырокімі палосамі бегла вада. Цяпер гэта нават страшна згадваць. Не забываецца, як з Федзем Вабішчэвічам, доўга і безвынікова чакалі лодку, калі ішлі са школы, і вымушаны былі брысці па ледзяной вадзе, што даставала нашмат вышэй за каленкі. Ад холаду цела працінала іголкамі. Часта расказваю сваім вучням і ў час літаратурных сустрэчаў пра наша калектыўнае чытанне ўсім класам аповесці Янкі Маўра “Сын вады”. Хто запомніўся з цікавых людзей? Вядома, тыя хто быў недзе побач, жыў недалёка. Гэта найперш мае сваякі – баба Сеня, баба Вара, дзед Ляксей, прадзед Іван, прабаба Лекса, баба Надзя, я называў яе Гладка баба. З іншых прыгадваюцца баба Марыканка, баба Гэйза, што вучыла нас быць разумнымі, баба Калоўчыха, якая мяне палохала, што забярэ ў сваю торбу, а я за гэта на яе заўсёды казаў “Колоўчыха-брэхуха”. Дзед Дэпаль, які ўсюды хадзіў і шукаў Леніна на паперках, стары Курка, вечны рубельскі пастух, які шмат нам расказваў пра жыццё пры Польшчы. Гэта ўсё мянушкі, я ніколі не ведаў імёнаў тых людзей, але ўспамінаю іх заўсёды па-добраму, з добрай усмешкай. Школьныя гады далі новых людзей. Ніколі не забуду сваю першую настаўніцу Кудзеліч (Антко) Лідзію Уладзіміраўну і настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Вяшчыцкую Марыю Іосіфаўну. Яны істотна, значна, паўплывалі на фармаванне маёй асобы.
Чым, на маю думку, адрозніваюцца рубельцы ад жыхароў іншых населеных пунктаў?
Пытанне вельмі складанае. Рубельцы могуць быць самыя розныя, зусім непадобныя адзін на другога. Тое самае і з жыхарамі любога іншага горада або вёскі. І ўсё ж – што можна падгледзець з адметнага ў рубельцаў? Любоў да працы? Дык гэта ў характары беларуса ўвогуле. У іншых вёсках не менш працуюць. Дабрыня? Зноў-такі характэрнае для ўсіх беларусаў. Злыя і дрэнныя людзі? Такіх, на жаль, хапае ўсюды. І мы тут далёка не лідэры. Імкненне не ўпусціць кожную капейчыну? І ў гэтым нас многія шыкоўна абскакалі ў наш час усеагульнай камерцыялізацыі. Свая адметная гаворка? Дык яна свая амаль у кожнай вёсцы. Што ж назваць, каб быць шчырым і праўдзівым? Каб не выглядаць, як гэта сустракаецца ў падобных выпадках, нейкім такім пыхлівым задавакам. На мой погляд, рубельцаў вылучае сярод іншых нейкае неўсвядомленае пачуццё ўласнай годнасці, годнасці не толькі індывідуальнай але і краёвай, неўсвядомленае пачуццё нацыянальнай прыналежнасці, гаворачы сучаснаю моваю, неўсвядомлены нацыяналізм у еўрапейскім разуменні гэтага слова.
Калі скончыў школу? У чэрвені 1977 г.
Дзе вучыўся далей? Адукацыя, прафесія, спецыяльнасць.
У верасні 1977 г. – чэрвені 1982 г. вучыўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які скончыў з чырвоным дыпломам, з усімі выдатнымі адзнакамі. Па спецыяльнасці гісторык, выкладчык гісторыі і грамадазнаўства. Праз нейкі дзесятак гадоў паступіў на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута, на беларускую мову і літаратуру, але вучыцца не захацеў. Фармальна больш не вучыўся нідзе, калі не лічыць розных гістарычных, культуралагічных і педагагічных курсаў. Самастойна, шляхам самаадукацыі, вывучаў беларускую мову і літаратуру, гісторыю мастацтваў і педагогіку.
Асноўныя этапы маёй прафесійнай дзейнасці (месца працы, пасада і ўзнагароды).
Уся мая прафесійная дзейнасць звязана з роднай Століншчынай. З лістапада 1982 да жніўня 1987 г. працаваў у Арлоўскай сярэдняй школе – арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы, дырэктарам школы. З верасня 1987 г. працую ў сярэдняй школе № 1 г. Давыд-Гарадка – некаторы час намеснікам дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце, а далей настаўнікам гісторыі і сусветнай мастацкай культуры. Узнагароджаны Граматамі Столінскага раённага аддзела культуры, Брэсцкага абласнога аддзела народнай адукацыі, Міністэрства адукацыі Беларусі.
Мая сям’я.
Жонка мая Вабішчэвіч Вера Рыгораўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, працуе ў СШ № 1 Давыд-Гарадка. Старэйшы сын Віктар вучыцца ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце, а меншы Юрась – у школе. Сям’я мая невялікая – у бацькі майго была большая. У мяне чатыры сястры: Святлана, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ў Рублі, Валянціна, таксама выкладае беларускую мову і літаратуру, у вёсцы Рудск Іванаўскага раёна, Людміла працуе настаўніцай беларускай і рускай моваў і літаратур у Хотамлі, а самая малодшая з нас,Марыя, жыве ў Рублі.
Мой удзел у грамадскай, навуковай, творчай, культмасавай рабоце.
Раней актыўна ўдзельнічаў у грамадскай і культурна-масавай працы. Часам меў прыкметныя грамадскія нагрузкі. Часта выступаў на сцэне. Але ўсё гэта зараз, мабыць, засталося ў мінулым. Дастаткова з мяне літаратурнай і навуковай працы. Вершы пішу з самага дзяцінства, пачаў іх друкаваць з сямнаццаці гадоў. Праўда, пішу адносна мала – у маім становішчы, здаецца, інакш і нельга. Першы верш “Памяці Віктара Хара” быў надрукаваны ў чэрвені 1977 года ў часопісе “Бярозка”. З таго часу мае творы змяшчаліся ў часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Роднае слова”, “Першацвет”, у газетах “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”, у мясцовым перыядычным друку. Публікаваўся таксама ў калектыўных зборніках “Вусны”, “Квадра”, “Дзядзінец” і ў хрэстаматыі для старшакласнікаў “Сэрцам роднага слова краніся”. У 2003 годзе выдаў кнігу вершаў “Чорны боль”. З паэзіяй не развітваюся ніколі, аднак душа патрабуе і іншага. Не магу жыць без навукі. Думаю, аналізую, даследую, вывучаю. Маё становішча не вымушае займацца глыбока і пастаянна нечым адным – я нічым не скаваны. Пішу толькі тое, без чаго на пэўным прамежку часу не магу жыць. Так у адпаведнасці з памкненнямі душы нараджаюцца артыкулы па гісторыі, па методыцы выкладання ў школе, па пытаннях літаратуразнаўства, мовазнаўства і гісторыі тэатра. Але тое бывае не часта, бо даследчыцкая праца патрабуе шмат часу, неабходна ўсё грунтоўна, усебакова і глыбока вывучыць, узважыць, прааналізаваць.
Месца жыхарства. Г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна.
19 студзеня 2005 г.
ВІКТАР ВАБІШЧЭВІЧ
Віктар Вабішчэвіч (Віктар Васілевіч Вабішчэвіч) – паэт, публіцыст, гісторык.
Нарадзіўся 9 ліпеня 1960 г. у вёсцы Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і калгаснікаў. Закончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1982). Працаваў намеснікам дырэктара (1982 – 1984), дырэктарам Арлоўскай сярэдняй школы (1984 – 1987), лектарам Столінскага райкама КПБ (1989 – 1990). З 1988 г. – намеснік дырэктара, з 1990 г. – настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка Столінскага раёна.
Вершы друкаваліся ў газетах і часопісах “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”, “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”, “Беларуская думка”, “Першацвет”, “Роднае слова” і іншых, у альманахах і калектыўных зборніках “Вусны”, “Квадра”, “Жырандоля”, “Сэрцам роднага слова краніся” і іншых.
Аўтар чатырох кніг паэзіі: “Чорны боль” (2003), “Кахаю і люблю” (2006), “Уражанне” (2009), “Orbi” (2012).
З’яўляецца аўтарам артыкулаў па гісторыі, беларускай філалогіі, культуры і мастацтве.
Вершы В.Вабішчэвіча перакладаліся на рускую мову.
Лаўрэат літаратурнай прэміі імя У.А.Калесніка Брэсцкага аблвыканкама (2010).
Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (2014).
Жыве ў г. Давыд-Гарадку.
Вершы Віктара Вабішчэвіча
***
Я, здаецца, крыху летуценнік
І заглядваю ў іншы сусвет,
Дзе законы свае святлаценю,
Дзе ў пашане мастак і паэт.
У абдымках фантазій і мрояў
Я лячу ў валадарства красы,
У краіну ружовых секвояў,
На абшар цудадзейнай расы.
Прыгажосць там не толькі ў паэмах,
Там яна і ў людской мітусні,
І ў малюнках на скалах і сценах,
І ў тых гуках, што ранак сасніў.
Там жывуць дабрыня і сумленне,
І нязменна пануюць яны.
У сузор’ях выдатных імкненняў
Не бывае ні зла, ні маны.
Там сабе не ствараюць герояў
І ў кумірах патрэбы няма,
І няма абаронцаў і вояў –
Не відаць варажнечы кляйма.
І прыходзяць такія імгненні,
І прыходзіць само пачуццё,
Што вясновага рання праменні
Прынясуць нам такое жыццё.
2000
***
Снежань… Ноч… Падступае дрымота.
Цішыня закалыхвае ўсіх.
Мне з каханай сустрэцца ахвота
На юначых сцяжынках сваіх.
Паглядзець у знаёмыя вочы,
Дакрануцца да мілай рукі
І адчуць пацалунак дзявочы –
Сарамлівы крыху, трапяткі.
Я хачу вандраваць, не стамляцца –
Не глядзець на марозны прастор,
І каханай сваёй захапляцца,
І ў каханні ўздымацца да зор.
На юначых сцяжынках прывольна –
Там на крылах лунае душа,
Там заўсёды бясхмарна, свавольна,
Там не ўбачыш нідзе ледзяша.
Тыя сцежкі ляжаць сярод кветак,
Сярод мяккай травы-муравы,
І вядуць на дзівосны палетак,
І вядуць у паўзмрок баравы.
Снежань. Ноч заварожвае нечым.
Цішыня закалыхвае ўсіх.
Я чакаю. Чакаю сустрэчы
На юначых сцяжынках сваіх.
1999
НА ЛУЗЕ
Усё тут ззяе непадробным бляскам
У гэты ліпеньскі спякотны дзень,
І птушкі дораць свае песні краскам,
Гавораць нешта чмель і авадзень.
Тут бляскам ззяе кожная травінка
І кветачка, і вычварны лісток.
Уся ў чароўным ззянні лугавінка
І гэты мілы казачны куток.
Тут бляск і ззянне на прыціхлых лозах,
На мудрых прыбярэжных чаратах,
На жоўтых касачах, аерах розных,
На горкіх ягадах, на ўсіх кустах.
У ззянні люстраная гладзь рачная
І зніклі неспакойныя віры.
Рака ў абдымках сонца патанае.
Хаваецца ў прадоннях сом стары.
Ва ўсёй прасторы цесна ад праменняў,
Іх бляскам упрыгожыла зямлю.
Дзівосы гэткіх казачных імгненняў,
Я шчыра і бясконца вас люблю.
2007
***
Ззяе ззяннем зіхатлівым
І звініць празрыстым звонам
Залаты званочак звонкі
З дзіўным лісцейкам зялёным.
І здзіўляецца бярозка,
Захапляецца тым ззяннем.
У святле дзівосным травы
Заблішчалі спадзяваннем.
І разлог увесь шырокі
За званочкам тым чароўным
Ззяе ззяннем зіхатлівым
І звініць празрыстым звонам.
2008
***
Вякоў наступных пакаленні
Пад нашым сонцам будуць жыць,
Пад нашы светлыя маленні
Канву жыцця свайго тварыць.
Нам пакаленняў тых далёкіх
Выразны бачыцца партрэт,
Іх зорны шлях, палёт іх лёгкі,
Памкненняў чыстых сілуэт.
Там будуць сонечныя мары,
І заквітнее ўся зямля –
Дабром запоўняцца абшары,
Заззяе радасцю ралля.
І будзе ў нас планета ўсмешак,
Святой любові, цеплыні,
І ў шчырых поглядах бязгрэшных
Надзеі з’явяцца агні.
Ляцяць цудоўныя імгненні,
Плячо кранае новы час –
Вякоў наступных пакаленні
Успомняць некалі пра нас.
2012
НАДЫХОД ЗІМЫ
Бляск на дрэвах галінкі пакрыў –
Крышталёвае царства вакол.
Прамянёў неўтаймоўны матыў –
На чароўнае дзейства дазвол.
Зледзянелы ўсміхаецца ўбор –
Валадарыць паўсюль на галлі:
З чарадзейных ільдзінак узор
Ад вышыняў – да самай зямлі.
Незвычайнай красы чысціня
Пакарыла празрысты прастор
І мелодыю дзіўнага дня,
І малюнкаў займальны дэкор.
На абшары ўрачысты настрой,
У паветры лірычны спакой,
І дзівосаў няўрымслівы строй
З цеплынёй прыгалубіць рукой.
Зіхаціць бездакорны крышталь –
На кустах і на жоўтай траве –
Хараства ледзяная вуаль
Да святых летуценняў заве.
Холад стукае небу ў акно –
Весялосці птушынай няма,
І лістота апала даўно:
Надыходзіць паволі зіма.
2014